Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 89 человек

«Крынiчка-2020: перазагрузка»

Дата: 31 июля 2020 в 14:39, Обновлено 31 июля 2020 в 15:39
317 просмотров

На працягу 27 змен на беразе возера Добрага, што ў Рагачоўскім раёне, збіраліся падлеткі з розных краін. Дзеці з Беларусі, Расіі і Украіны прыязджалі на Гомельшчыну, каб стаць удзельнікамі Міжнароднага аздараўленчага палатачнага лагера дружбы дзяцей славянскіх народаў “Крынiчка”. Сёння “Крынічка” — гэта не проста маладзёжны лагер. Гэта месца, дзе дзяцей вучаць дыпламатыі і ўменню будаваць зносіны паміж сабой. На жаль, сёлета з-за эпідэмічнай сітуацыі “Крынічка” не змагла сабраць усіх сваіх сяброў разам.

Тым не менш усе жадаючыя каманды былі запрошаны прыняць удзел у міжнародным віртуальным праекце “Крынічка-2020: перазагрузка!”. Для таго каб прыняць удзел у анлайн-версіі лагера, трэба было падаць заяўку і далучыцца да выкання заданняў, якія распрацавалі арганізатары праекта. Да супрацоўніцтва з “Крынічкай” далучыліся каманды са Смален­ска, Навазыбкава, Курска, а таксама дзеці з Гомеля, Рагачова і Рагачоўскага раёна. Менавіта ў такім складзе пачалася наша віртуальная змена. Нягледзячы на незвычайны фармат, кожны дзень, як і ў мінулыя гады, быў тэматычным. Так, у першы дзень праекта адбылася “Сустрэча сяброў”. Удзельнікам неабходна было далучыцца да відэачэленджу “Перадай прывітанне “Крынічцы”, які распачала каманда педагогаў “Крынічкі”. Пасля эстафета была перададзена ўдзельнікам праекта. Відэа, якое здымалі дзеці ў рамках чэленджу, размяшчалася ў групе “Крынічкі”, якая створана ва “УКантакце”, — “Рагачоўская Крынічка”.

Наступны дзень віртуальнага лагера быў прысвечаны здаровай “Крынiчцы”. Удзельнікі здымалі кароткі месэдж-зварот, асноўная мэта якога — папулярызацыя здаровага ладу жыцця. У гэтым заданні дзеці праявілі крэатыўнасць і прадэманстравалі свае спартыўныя якасці і камандную згуртаванасць. У дзень нацыянальных культур удзельнікі атрымалі не толькі пазітыўны настрой, але і вопыт гатавання нацыянальных страў. Каманды здымалі лайфхакі па тэме “Жыць смачна”, у якіх паказалі спосабы гатавання сваіх нацыянальных страў. Тэматычны дзень, які атрымаў назву “Крынiчка” ў сэрцы назаўсёды”, таксама прымусіў дзяцей уключыць фантазію і праявіць творчасць. На гэты раз удзельнікам неабходна было зрабіць сэлфі на тэму дня і скласці чатырохрадкоўе, у якім абавязкова павінен прысутнічаць радок “Крынічка” ў сэр­цы назаўсёды”. Багатымі на падзеі быў конкурсны дзень, прысвечаны тэме “Вялікай Перамозе — 75!”. Спачатку каманды з Расіі арыгінальна павіншавалі каманды Гомельшчыны з Днём Незалежнасці, а пасля ўсе ўдзельнікі праекта далучыліся да ўдзелу ў конкурсе на лепшае выкананне песні ваеннай тэматыкі “Перамозе песню прысвячаем”. Безумоўна, не абышлася “Крынічка” і без традыцыйнага святкавання Купалля. Так, сёлета мы не збіраліся ля вогнішча, але “Купальскі карагод” запомніўся камандам тым, што ўсе ўдзельнікі спаборнічалі паміж сабой у конкурсе тэматычнага фота. Завяршылася віртуальная змена вікта­рынай “Што я ведаю пра “Крынічку”?” і абмеркаваннем крэатыўных ідэй нашых дзяцей па арганізацыі адпачынку ў лагеры “Крынічка-2021”.

Дарэчы, сёлета, нягледзячы на анлайн-фармат, арганізатары праекта вырашылі не адыходзіць ад традыцый. Таму ўсім удзельнікам і пераможцам праекта былі ўручаны дыпломы, а таксама кубкі. Па рашэнні журы кубак “Самая актыўная каманда” атрымала каманда “Рытм” Ціхініцкай сярэдняй школы імя А.А.Осіпава. Кубак “Дзіцячыя сімпатыі” ўручаўся тым, хто набярэ больш за ўсё лайкаў ва “УКантакце”. Такіх каманд сёлета ў нас дзве, таму кубак падзялілі паміж сабой “Маналіт” з Курска і каманда “Добры настрой” з сярэдняй школы № 27 Гомеля. Што тычыцца Кубка ад арганізатараў праекта — Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці і Гомельскага філіяла Беларускага фонду міру, то ён быў віртуальна прысуджаны камандзе “Факел” сярэдняй школы № 43 імя Г.К.Жукава з Курска. Безумоўна, наступным летам мы, калі сустрэнемся з камандамі, абавязкова ўручым ім гэтыя ўзнагароды. За дзевяць дзён, на працягу якіх доўжылася змена ў віртуальным фармаце, удзельнікі змаглі актыўна ўключыцца ў атмасферу міратворчага праекта: дзеці абмяняліся інфармацыяй пра славянскія традыцыі, сучаснымі маладзёжнымі ідэямі для творчасці, а таксама цікава правялі вольны час. Праект скончыўся, але сябры “Крынічкі” спадзяюцца, што наступным летам мы абавязкова сустрэнемся ўжывую на беразе возера Добрага. Віртуальны праект “Крынічка-2020: перазагрузка!” можна паглядзець па адрасе https://vk.com/id492297254.

Анжаліка ДРАБКОВА,
дырэктар Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Источник: nastgaz.by

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.